Да 77-годдзя паэтэсы Ніны Язэпаўны Мацяш
У імклівы век усеагульнай інфарматызацыі традыцыя літаратурных чытанняў па-ранейшаму прываблівае сваіх прыхільнікаў. Паэтычнае жыццё Берасцейшчыны актыўнае, разнастайнае і цікавае. Так, 20 верасня 2020 года ў Белаазёрску сабраліся аматары творчасці нашай вядомай зямлячкі, паэтэсы Ніны Мацяш, якая ў гэтым годзе святкавала б свой 77-ы дзень нараджэння. У паэтычных чытаннях “Бабіна лета ў Белаазёрску”, што праходзяць ужо 11-ы раз і ў гэтым годзе носяць назву “Свой снапок звязала я на зямлі бяроз”, прынялі ўдзел і настаўнікі Маскоўскага раёна горада Брэста.
Вясною бягучага года быў аб’яўлены творчы конкурс з лірычным найменнем “Дарога да сабе і да людзей”, на які прыхільнікі паэзіі славутай зямлячкі прадставілі эсэ, нарысы, малюнкі да твораў, а таксама школьныя газеты. Вынікам яго стаў альбом з лепшымі ілюстрацыямі да твораў. Альбом папоўніў фонд каштоўных падарункаў Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Ніны Мацяш.